НІЛ СО́РСКІ (у свеце Мікалай Майкаў; 1433, Масква — 1508),
расійскі царк. і грамадскі дзеяч, кіраўнік несцяжацеляў. Манах Кірыла-Белазерскага манастыра. У 1473—89 шмат падарожнічаў, быў у Палесціне, Канстанцінопалі, Афоне, дзе пазнаёміўся з містычным вучэннем ісіхазму (шлях чалавека да яднання з Богам праз «ачышчэнне сэрца»). Пасля вяртання заснаваў першы на Русі манаскі скіт на р. Сора каля Кірыла-Белазерскага манастыра. У творах «Статут скіцкага манаскага жыцця», «Паданне вучням сваім аб жыхарстве манаскім» і інш. патрабаваў засяроджвання вернікаў на сваім ўнутр. свеце, асабістага перажывання веры як непасрэднага яднання верніка з Богам. Выступаў за ўдзел манахаў у прадукц. працы, рэформу манаства на пачатках скіцкага жыцця, заклікаў духавенства адмаўляцца ад роскашы, ўладання зямлёй і сялянамі («несцяжання»). У адносінах да ератыкоў рэкамендаваў адмову ад насілля і ганенняў. Удзельнічаў у саборы 1503, дзе несцяжацелі пацярпелі паражэнне ад іасіфлян. Прадаўжальнікамі ідэй Н.С. былі Васіян Патрыкееў Касы і Арцемій Троіцкі.
Літ.:
Замалеев А.Ф. Философская мысль в средневековой Руси (XI—XVI вв.). Л., 1987;
Замалеев А.Ф., Овчинникова Е.А. Еретики и ортодоксы: Очерки древнерус. духовности. Л., 1991.
т. 11, с. 346
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)